БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1702.

Праводзілася ў жн.кастр. 1702 казакамі і войскамі ВКЛ у час Паўночнай вайны 1700—21. 29 жн. Стары Быхаў, уладальнік якога К.Сапега арыентаваўся на Станіслава Ляшчынскага і шведаў, быў абложаны казакамі гетмана М.Міклашэўскага і войскам генерала артылерыі ВКЛ К.Сяніцкага (Сініцкага-Бонча). Абаронай кіравалі М.Більдзюкевіч і быхаўскі губернатар Я.Дэро. 10 кастр. гарнізон здаўся на ганаровых умовах і прысягнуў Аўгусту II. Мяшчанам былі пакінуты ўсе вольнасці і прывілеі. Кіраванне Быхавам аддадзена Сяніцкаму.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)